Инголоц

Аднойчы у рэдакцыю прыйшла жанчына. «Думаю, што чытачам будзе цікава так, як і мне», – сказала яна, перадаючы пухлы канверт з некалькімі пісьмамі ад сына. Спачатку прапанова надрукаваць асабістую перапіску здзівіла, але толькі да першай старонкі… Нават не ведаю, што больш уразіла: папяровыя пасланні ў час развіцця папулярных сродкаў сувязі ці манера пісьма, а можа нават беларуская мова і яркія параўнанні ды эпітэты, чысціня і жывое слова, што пісалася не для шырокай аўдыторыі, а проста і ад душы – родным ад роднага…

Лісты вандроўніка. Афрыка. Джыбуці.

Африка

Добры дзень, дарагія родныя!

Вось, нарэшце, з вялікім спазненнем выбраўся напісаць вам першы ліст. Па-першае, прашу прабачэння за гэтае спазненне, але на тое былі свае прычыны. Не пісаў адразу, бо хацеў лепш разгледзець краіну, набрацца ўражанняў.

Зараз я знаходжуся ў Джыбуці – маленькай краіне на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Мясцовае насельніцтва адрозніваецца ад жыхароў цэнтральнай Афрыкі: яны тут больш светласкурыя, знешне нечым больш падобныя на арабаў.

Мужчыны ходзяць у нейкіх спадніцах, а жанчыны закутаныя ў доўгія сукенкі. Мужчыны худзюшчыя, ногі ў іх тоненькія, як запалкі, а жанчыны больш мажныя і, ў адрозненні ад цэнтральна-афрыканак, з больш прывабнымі рысамі твараў.

2017 06 09 afrika 1

Людзі жывуць ў невялікіх пабудовах, накшталт азіяцкіх юртаў, толькі паўсферычнай формы, і, у лепшым разе, крытых вялікімі цыноўкамі, а то дык і пустымі цэлафанавымі мяхамі, і ўвогуле – чым лёс пашле. Трохі багацейшыя жывуць у мураваных будовінах з вокнамі без шкла. Разводзяць яны вярбдюдаў, худых кароў з вялізнымі рагамі, аслоў ды маленькіх козак. 2017 06 09 afrika 1

Акрамя як у высокагор’і, ніякіх палёў і агародаў я тут не бачыў. Мабыць, калі б што і прарасло на гэтым каменні, дык засохла б у сухі ці змылася ў даждлівы сезон. Увогуле, Джыбуці – краіна бедная, жывуць усе жыхары сталіцы ад порту, які мае вялікае эканамічнае і стратэгічнае значэнне.

2017 06 09 afrika 1

Доўгія чароды старых грузавікоў, сярод якіх трапляюцца расейскія КАМАЗы, кожны дзень распаўзаюцца па даволі-такі неблагіх для Афрыкі дарогах па розных кутках гэтага рэгіёна-мацерыка. Тут вельмі спякотна і суха, днём тэмпература дасягае 45 градусаў у цяні, але так як ценю нідзе няма, то рэальная тэмпература на сонцы недзе пад 60.

2017 06 09 afrika 1

Прырода нагадвае марсіянскія пейзажы. Пясок, каменне, пыл, амаль нідзе ні травінкі, толькі нейкія шэрыя прыземістыя дрэвы без лісцяў ды калючкі для вярблюдаў, якія соўкаюцца самі па сабе, гледзячы на людзей, здаецца, як на нейкіх ніжэйшых істот.

Калісьці Янка Купала ў сваім вершы паскардзіўся на долю беларусаў, маўляў, «пясок ды каменне». Думаю, калі б вялікі паэт хоць краем вока заглянуў у гэтую краіну, то за радкі пра «пясок ды каменне» адносна Беларусі, яму стала б сорамна.

2017 06 09 afrika 6

Ёсць, праўда, мясціны на ўзбярэжжы мора, дзе шумяць пальмы. А вось на вышыні каля 2000 метраў стаіць старажытны лес з нейкіх цікавых дрэў цвёрдай пароды, які ўжо амаль напалову высах. Каржакаватыя, нібы выкручаныя галіны мёртвых дрэў нагадваюць лес з казкі пра Бабу Ягу.

2017 06 09 afrika 6

Большасць пейзажаў – гэта пясок і каменні, але не такія як у нас, а крохкія, порыстыя кавалкі даўным-даўно застыўшай вулканічнай магмы. Зямля гэта сфарміравалася, відаць, не вельмі даўно, некалькі там мільёнаў год назад.

Месцамі засталіся магмавыя рэкі, якія збераглі сваю форму, і нават магмавыя «хвалі» так і застылі на мільёны, а то і мільярды год.

Амаль у цэнтры краіны знаходзіцца «Саляное возера».

2017 06 09 afrika 6

Яно намнога ніжэй за ўзровень мора, вада там такая салёная, што ў ёй нішто не жыве, а на берагах, нібы снег, ляжыць белая соль, на якую цяжка глядзець без сонечных акуляраў. Адным, чым «багатыя» жыхары гэтай краіны, дык гэта, мабыць, надвор’ем.

Увогуле, тут замест нашых вёснаў і зімаў, толькі два сезоны – сухі і даждлівы. Зараз сухі, але давялося застаць і мясцовы «дожджык». Ён суправаждаўся ветрам, маланкамі і громам, як, напэўна, у біблейскім патопе. Усё адбылося так хутка, што я нічога не паспеў зрабіць: мой тэнт знесла ветрам, а вады вылілась столькі, што мае шлёпанцы сплылі, як па рацэ, якая ўтварылася на нядаўна сухім і цвёрдым месцы.

Ну, вось і ўсё пра Джыбуці. Высылаю вам паштоўкі, каб усё ўбачылі сваімі вачамі. Да пабачэння!

Ваш сын Уладзімір

Працяг будзе…