Инголоц

Аднойчы у рэдакцыю прыйшла жанчына. «Думаю, што чытачам будзе цікава так, як і мне», – сказала яна, перадаючы пухлы канверт з некалькімі пісьмамі ад сына. Спачатку прапанова надрукаваць асабістую перапіску здзівіла, але толькі да першай старонкі… Нават не ведаю, што больш уразіла: папяровыя пасланні ў час развіцця папулярных сродкаў сувязі ці манера пісьма, а можа нават беларуская мова і яркія параўнанні ды эпітэты, чысціня і жывое слова, што пісалася не для шырокай аўдыторыі, а проста і ад душы – родным ад роднага…

Лісты вандроўніка. Афрыка. Уганда

Прывітанне, дарагія родныя!

З найлепшымі пажаданнямі к Вам з далёкай Уганды! Вырашыў напісаць гэты ліст па свежых уражаннях з новай для мяне (і вас) краіны.

Уганда – невялікая рэспубліка на беразе возера Вікторыя ў Экватэрыяльнай Афрыцы. Нацыянальная валюта – угандыйскі шылінг, афіцыйная мова – ангельская, нацыянальная – «сваілі», акрамя іх ёсць яшчэ каля 50-ці моў-дыялектаў.

Уганда

У параўнанні з «лунным» Джыбуці, Уганда – проста афрыканскі рай: зеляніна, сонца, амаль круглы год тэмпература днем 25-27С, ноччу пад 20С. Бананы, ананасы, папаі і другія фрукты, пра якія вы нават і не чулі, тут – амаль што дарэмна. Мясцовае піва па смаку напамінае «Крыніцу», а шылінг каштуе амаль як беларускі рубель, ад чаго цэны на запраўках выглядаюць такімі роднымі.

2017 06 13 uganda 8

Адразу па прызямленнi мяне сустрэлі два «землякі» МАЗы, лупавата пазіраючы круглымі фарамі.

Напэўна, калі б у іх былі мазгі, падумалі: «Якая халера, зямеля, прынесла цябе сюды?» Але часу ў мяне было няшмат, і праз дзве з паловаю гадзіны шляху праз гэтую дзіўную краіну, мы апынуліся на месцы сярод афрыканскіх мазанак, крытых саломай.

Уганда

Зеляніна навокал радавала вочы і мясцовыя каровы з агромністымі рагамі, пазіралі на мяне так сама, як і іх беларускія сародзічы. Вечарам – цішыня, свежае паветра і сапраўдны спакой, якога так даўно не хапала. У нядзелю – невялікае падарожжа – экватар, кракадзілавая ферма і сталіца Кампала.

Уганда

У адрозненні ад афрыканскіх краін, дзе я ўжо быў, у першы раз я бачыў краіну каланізаваную не рэспубліканцамі-французамі, а снабамі яе Вялікасці Каралевы – ангельцамі. Ад таго і больш-менш чыстыя вуліцы, і пабудовы не з цэментных шэрых блокаў па-французку, а з чырвонай цэглы, як у лонданскіх прадмесцях. Але ж Афрыка застанецца афрыкай, нават, калі драўляная пабудова на ўзбочыне дарогі завецца не «Cafe de Paris», а «Café London».

Уганда

Несканчальны натоўп у сталіцы, бясконцыя рынкі, лаўкі, латкі – такое адчуванне, што ўсе жыхары Кампалы толькі і робяць, што нешта прадаюць ці купляюць.

З дзесяці машын – дзевяць TOYOTA і мноства матацыклаў, нават мота-таксі пераважае над аўта-таксі – танна і зручна (куды, цікава, глядзяць менеджэры Мінскага Мота-вела-заводу?), а таксама маршруткі, з якіх спецыяльны, так бы мовіць, «букмейкер» выкрыквае прахожым напрамак рэйсу, і можа астанавіцца ў любы момант, калі хто захоча выкарыстаць яго сродак руху.

Уганда

Але, як і ўсе афрыканскія краіны, Уганда - краіна бедная. Далей ад сталіцы - галапузыя дзеці, якіх процьма, скачуць ля земляна-саламяных мазанак, а хто відаць трохі падсабраў грошай, той узбіўся на невялікі дамок з чырвонай цэглы з вокнамі без шыбаў.

Уганда

Школы ў правінцыі наогул больш падобныя на хляўкі без шыбаў з грубавата-выструганымі партамі ў класах. Праўда, ў кожнай школе свая ўніформа, хоць камізэлькі ў хлопчыкаў і спадніцы ў дзяўчынак старэнькія і часам падраныя, затое аднаго колеру.

Уганда

Час праляцеў хутка, трэба было збірацца. З-за паломкі наш самалёт крыху затрымаўся, але ўжо хутка мы грузіліся, каб вярнуцца назад у Джыбуці, адкуль і пішу Вам гэты ліст.

На гэтым заканчваю, усяго Вам добрага і да хуткай сустрэчы! Спадзяюся, што ліст прыйдзе раней за мяне ў Беларусь. Да пабачэння!

Ваш сын Уладзімір

Працяг будзе…