Аднойчы у рэдакцыю прыйшла жанчына. «Думаю, што чытачам будзе цікава так, як і мне», – сказала яна, перадаючы пухлы канверт з некалькімі пісьмамі ад сына. Спачатку прапанова надрукаваць асабістую перапіску здзівіла, але толькі да першай старонкі… Нават не ведаю, што больш уразіла: папяровыя пасланні ў час развіцця папулярных сродкаў сувязі ці манера пісьма, а можа нават беларуская мова і яркія параўнанні ды эпітэты, чысціня і жывое слова, што пісалася не для шырокай аўдыторыі, а проста і ад душы – родным ад роднага…

Прывітанне дарагія Родныя!

Як і абяцаў, пішу Вам пісьмо адразу па прыезду ў Афрыку, як толькі з’явілася вольная хвіліна.

Ну, пачну з першых уражанняў. Габон – адна з самых багатых краін Афрыкі, таму што тут здабываюць нафту. Францыя падтрымлівае калісьці ўстаноўленыя ёю ж заканадаўства і мясцовы ўрад.

Габон

Скажу так: Афрыка ёсць Афрыка – здалёк здаецца, што горад белы і прыгожы, але калі заедзеш у яго, то побач з неонавымі агнямі поўна смецця, па вуліцы то там, то тут пакінутыя, паўразабраныя аўтамабілі, разбітыя дарогі, у таксі такі выгляд, што гэта здаецца не таксі, а нейкая выпрабавальна-спартыўная машына.

Габон

Грошы, якімі тут карыстаюцца – франкі краін цэнтральнай Афрыкі. Курс: 1 франк Францыі = чуць больш за 100 афрыканскіх. Знаходзімся мы ў сталіцы Габона – горадзе Лібрэвіль, што ў перакладзе з французкага – свабодны горад. Цэны на ўсё еўрапейскае – еўрапейскія. Напрыклад, бутэлька французкага піва ці шклянка віскі каштуе недзе 20-50 французкіх франкаў (3,5-8,5 даляраў).

Габон

А вось прадукты мясцовай вытворчасці, фрукты і г. д. – каштуюць капейкі. Таксама вельмі таннае золата, разы ў 2,5 танней, чым у Францыі.

Габон

Тут ёсць нядрэнныя рэстараны, дзе-нідзе бары і дыскатэкі, куды праходзяць белыя, але ў большасці выпадкаў, усюды табе ўсміхаюцца шымпанзэпадобныя мясцовыя «прыгажуні».

Габон

Карацей, нічога асаблівага, я ўжо думаю пра тое, як пасля паеду дамоў на месяц. Клімат, нягледзячы на тое, што Габон знаходзіцца бліжэй да экватара, чым Гвіана, менш спякотны і менш вільготны, і пераносіцца намнога лягчэй, чым гвіянскі. Розніца ў часе ўсяго дзве гадзіны з Беларуссю. Ёсць тут і акіянскі пляж, і джунглі, але пра гэта пасля, бо сам я гэтага яшчэ не бачыў.

Габон

Пазваніць тут можна толькі з тэлефоннай станцыі, і вельмі дорага, так што тэлефанаваць буду рэдка, колькі часу ідзе пісьмо, таксама яшчэ не ведаю. Усяго добрага да пабачэння, пішыце. Чакаю адказу!

Ваш сын Уладзімір

Працяг будзе...