Добры дзень, дарагія родныя!
Вось, як і абяцаў, пішу вам гэты ліст.


Чаму з такім спазненнем? Цікава было б апісаць нешта новае, напрыклад, новую краіну, ну а з краіны, ў якой бываеш ўжо некалькі разоў, лепш пісаць праз некаторы час, нават пад канец вандроўкі, каб было больш уражанняў. Вось і зараз маё наведванне Габону ў чацвёрты раз падыходзіць да заканчэння і я, так бы мовіць, бяруся за пяро.

Габон
Першыя хвіліны пасля прылёту, пакуль ехалі, было такое адчуванне, што быццам нікуды я адсюль і не ад’язджаў, да таго такім знаёмым усё падалося. На першы погляд – ніякіх зменаў. Але калі ўсё ж такі прыглядзеўся, заўважыў некаторыя перамены ў абліччы гэтай краіны. Пабольшала шыкоўных рэзыдэнцый і дарагіх аўтамабіляў, сотавых аператараў і рэкламных плакатаў.

Габон

На вуліцы можна часта сустрэць кітайцаў, якіх набрыло па ўсёй Афрыцы. З Габону, як і раней, вывозяць лес, адкрылі новыя распрацоўкі нафты, абнавілі плантацыі пальмаў для вытворчасці масла. У краіну ідуць немалыя грошы, якія відаць асядаюць у кішэнях правячай вярхушкі, астатнія слаі насельніцтва ці атрымліваюць нейкія крошкі ад распродажу сваёй краіны, ці ўвогуле жывуць, як заўсёды, у галечы, нават і ня ведаючы пра існаванне нейкіх там багаццяў.

Габон

Прэзідэнт, Амар Бонга, кіраваў краінай больш за 40 гадоў. Плакаты на вуліцах з выявай старога прэзідэнта былi з надпісамі «Прэзідэнт Бонга: 40 год стабільнасці, прагрэсу, міру». (Зараз краiнай кiруе яго сын Алi бэн Бонга – рэд.) І самае цікавае, што гледзячы на суседнія краіны, у якіх не сціхаюць войны, перавароты, сутычкі паміж рознымі народнасцямі, дзе сотні тысяч бежанцаў перасякаюць туды-сюды межы калісьці штучна акрэсленых еўрапейскімі каланізатарамі дзяржаў, сапраўды, Габон здаецца выспай міру і стабільнасці.

Габон

Але гледзячы на штодзённае жыццё жыхароў, асабліва ў далёкіх лясных вёсках, часам думаецца: як добра, што я не нарадзіўся афрыканцам. Увогуле пасля часу, праведзенага ў Афрыцы, заўважаеш падабенства паміж усімі афрыканскімі краінамі, падабенства ў смецці на вуліцах, вялізнай колькасці галапузых дзяцей, наяўнасці ў крамах прадуктаў, вырабленых у Еўропе ці Азіі. Становіцца зразумела, што цывілізацыя, якая «упала» на бедных афрыканцаў з неба, іх больш прыдавіла, чым дапамагла, і лепш было б ім яшчэ некалькі стагоддзяў жыць мірна плямёнамі ў джунглях і саванах, паляваць на антылоп ды збіраць ананасы. Але пакінем у спакоi афрыканцаў…

Габон

Два тыдні давялося правесці ў лесе. Наведалі далёкую правінцыю, дзе вырабляюць пальмавае масла. Паглядзеў на пальмавыя плантацыі, быў на заводзе па здабычы масла, наглядзеўся на страшныя ўмовы працы мясцовых рабочых, што за капейкі «гнуць спіны» на, зноў жа, белых «эксплуататараў» (у дадзеным выпадку бельгійскіх). Але па-іншаму пакуль што нельга, бо пад «кіраўніцтвам мясцовых кадраў» той жа завод, як дарэчы і любое сур’ёзнае прадпрыемства, загнуўся б вельмі хутка, і ўжо банкротам быў падабраны і пастаўлены на ногі тымі ж бельгійцамі. Яны, дарэчы, будуюць жыллё для працаўнікоў, а завод дае электрычнасць на ўвесь пасёлак.

Габон

Але ж Афрыка… У мясцовай бальніцы, акрамя выдачы таблетак ды бінтавання, мясцовы «урач» больш ніякія паслугі не аказвае. Наш санітар (з Украіны родам) пасля некалькіх выпадкаў дапамогі мясцовым хворым, набыў славу прафесара, да якога павалілі ці не ўсе нямоглыя з акругі. І ён, карыстаючыся мясцовай бальніцай, праводзіў амаль што складаныя хірургічныя аперацыі з разразаннямі, зашываннямі, як сапраўдны хірург, заслужыўшы павагу і захапленне бедных абарыгенаў.

Габон

Новы год у Габоне я сустракаў ужо другі раз, першым быў 2005. Не хапала елкі, снегу і ўвогуле адчування свята. З-за праблем з камунікацыямі, нават павіншаваць усіх не змог. Зараз пачынаем ужо рыхтавацца да ад’езду. Першыя два з паловай месяцы лілі дажджы, кожныя дзень і ноч. Сонца амаль не было. Зараз пачаўся «сухі сезон», днямі сонечна, можна схадзіць у басейн, паплаваць ды пазагараць.
З гэтым відаць і закончу сваё пасланне. Прывітанне ўсім знаёмым, вам жадаю ўсяго найлепшага. Да пабачэння!


З павагай, ваш Уладзімір